«Палескай зямлi волат» — Библиотека-филиал № 2 им. И. Шамякина

«Палескай зямлi волат»

Рисунок1Ёсць у беларускай літаратуры асобы, якія ва ўсе часы прыцягваюць да сябе ўвагу і даследчыкаў, і чытачоў. На іх творах вучацца пачаткоўцы літаратуры, іх жыццё служыць матэрыялам для мастацкіх твораў і навуковых прац.

Такой асобай з’яўляецца Іван Паўлавіч Мележ, якому і быў прысвечаны інтэграваны ўрок «Палескай зямлі волат», які прайшоў для навучэнцаў 10 класаў ДУА «Сярэдняя школа №11, 19 г. Магілёва».

Навучэнцы праслухалі шмат новай і цікавай інфармацыі аб жыццёвым і творчым шляху Івана Мележа. Даведаліся, што Іван Паўлавіч не толькі быў празаікам, але і драматургам, і паэтам. Праслухалі яго вершы ў выкананні беларускай гімнасткі Меліціны Станюты.

Супрацоўнікі бібліятэкі расказалі навучэнцам пра гісторыю стварэння першага апавядання, якое пісьменнік быў вымушаны пісаць левай рукой, таму што знаходзіўся ў гэты час у шпіталі, у Тбілісі, дзе лячыўся ад ран. Апавяданне мае назву «Сустрэча» і публікавалася з паметкай «Каўказ, шпіталь, 1942 год».

Праглядзелі фрагменты з фільма і інтэрв’ю галоўнай гераіні фільма «Людзі на балоце», які ўвайшоў у трылогію «Палеская хроніка» і прынёс аўтару сусветную вядомасць і прызнанне.

Зрабілі віртуальную экскурсію ў літаратурны музей пісьменніка, які знаходзіцца ў роднай вёсцы Мележа Глінішча. У экспазіцыі прадстаўлена звыш 400 экспанатаў: рэчы, фотадакументы, рукапісы, жывапіс, графіка, кнігі пра творчасць Івана Мележа. У 2008 годзе музей наведаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. У кнізе запісаў музея кіраўнік дзяржавы адзначыў: «Кнігі Івана Мележа сталі сапраўднай нацыянальнай эпапеяй, энцыклапедыяй народнага жыцця, крыніцай выхавання патрыятызму і любові да роднай мовы, гісторыі і культуры нашай Айчыны. Вельмі прыемна, што тут, на малой радзіме Івана Мележа так беражліва захоўваецца памяць аб ім».

Фраза «Таленавіты чалавек – таленавіты ва ўсім» лічыцца штампам, але да Мележа яна падыходзіць ідэальна, і гэта падцвярджае яго цікавае і насычанае жыццё.

Рисунок1