Творчы праект “Iван Шамякiн: талент, непадуладны часу” — Библиотека-филиал № 2 им. И. Шамякина

Творчы праект “Iван Шамякiн: талент, непадуладны часу”

shamyakin7-1Імя народнага пісьменніка Iвана Пятровіча Шамякіна добра ведаюць і любяць чытачы. Іван Шамякін з’яўляецца адным з найбольш чытаных і папулярных пісьменнікаў.

Дзейнасць I. П. Шамякіна-пісьменніка атрымала прызнанне ва ўсім свеце дзякуючы мастацкаму адлюстраванню ў яго творах подзвігу беларускага народа ў мірны час і ў гады Вялікай Айчыннай вайны, гуманістычнаму пафасу яго раманаў, аповесцей, апавяданняў, якія прасякнуты клопатам пра чалавека і шчырай верай у яго будучае. “Глыбокая плынь”, “У добры час”, “Крыніцы”, “Атланты і карыятыды”, “Зеніт” – усе гэтыя творы прысвечаны вострым праблемам сучаснасці: неабходнасці захавання ваеннай памяці, патрыятычнага і маральна-этычнага выхавання моладзі, адказнага стаўлення да сваёй справы, міласэрнасці, сумленнасці і інш.

Будучыню беларускага народа пісьменнік і педагог звязваў найперш з маладым пакаленнем. Ствараючы свае глыбока гуманістычныя мастацкія тэксты і адрасуючы іх у першую чаргу моладзі, ён шчыра клапаціўся пра яе актыўную грамадзянскую пазіцыю, высокую маральна-этычную культуру, жывы і зацікаўлены ўдзел у стваральнай працы. Таму выхаваўчы патэнцыял творчай спадчыны І. П. Шамякіна сапраўды невычарпальны. Сучасныя чытачы з жывым інтарэсам і ўважлівасцю паглыбляюцца ў мастацкі свет яго твораў, ужо ў назвах якіх адчуваецца клопат пісьменніка пра лёс асобнага чалавека і грамадства ўвогуле: “Крыніцы”, “Сэрца на далоні”, “Вазьму твой боль”, “Злая зорка”, “Палеская мадонна”, “Пакаянне” і інш.

Дадзены творчы праект “ІВАН ШАМЯКІН. ТАЛЕНТ, НЕПАДУЛАДНЫ ЧАСУ” накіраваны на стварэнне аптымальных умоў для інтэлектуальнага, духоўнага і культурнага развіцця моладзі горада Магілёва. На сучасным этапе бібліятэка застаецца адным з папулярных інфармацыйна-дасугавых цэнтраў, мае вялікі інфармацыйны патэнцыял. Бібліятэка выступае як стартавая пляцоўка для маладых людзей, якая актыўна садзейнічае асвеце, працэсам сацыялізацыі падрастаючага чалавека, станаўленню асобы, а таксама раскрыццю творчага патэнцыялу.

Пра вывучэнне творчасці Івана Пятровіча Шамякіна мы спадзяемся павысіць чытацкую актыўнасць і інфармацыйную культуру моладзі.

Дадзены праект значна пашырыць інфармацыйныя магчымасці бібліятэчнага абслугоўвання праз правядзенне шматпланавай работы з дакументамі, давядзенне да чытачоў упарадкаваных звестак праз сістэму каталогаў, картатэк, бібліяграфічных паказальнікаў (у тым ліку электронных), стварэнне электронных прэзентацый, афармленне традыцыйных і віртуальных выстаў і тэматычных паліц, адкрыццё ў сацыяльнай сетцы “Вконтакте” адкрытай групы “І. П. Шамякін” https://vk.com/club125912718, а таксама падрыхтоўку і правядзенне комплекса масавых мерапрыемстваў.

Акрамя таго, праект накіраваны на патрыятычнае і эстэтычнае выхаванне падрастаючага пакалення. Менавіта бібліятэка імкнецца развіваць любоў да Радзімы, да сваёй спадчыны, выхоўваць у сваіх чытачоў пачуццё прыгожага. Бо без спадчыны немагчыма будучае…

За даведкамі звяртацца па тэлефоне: 65-53-66 (Равінская Святлана Валер’яўна )